«ЛІЕТУВО́С ІСТОРЫЁС МЯ́ТРАШЦІС»
(«Lietuvos istorijos metraštis», «Штогоднік гісторыі Літвы»),
штогадовае серыйнае ілюстраванае выданне Ін-та гісторыі Літвы. Выдаецца з 1971 у Вільнюсе на літ. мове. Змяшчае працы вучоных Літвы і замежжа, хроніку навук. жыцця. Многія апублікаваныя працы маюць дачыненне да гісторыі, этнаграфіі і мастацтва ВКЛ і Беларусі: Ю.Юргініс «Прычыны падзення Вялікага княства Літоўскага» (1971), «Кулікоўская бітва і Вялікае княства Літоўскае» (1982), Э.Гарадзецкас «Цяжбы зямельныя паміж велікакняжацкімі сялянамі і шляхтай у час правядзення валочнай рэформы» (1976), Э.Банёніс «Пасланцы Вялікага княства Літоўскага ў Крымскім ханстве ў першай палове ХУІ ст.» (1979), А.Жураўскі «Пра канцылярскую мову Вялікага княства Літоўскага» (1984), А.Нікжэнтайціс «Дыпламатычная барацьба з Тэўтонскім ордэнам у 1337—1342 гг.» (1987), Л.Трускі «Літоўская шляхта ў канцы XVIII ст. (колькасць і становішча)» (1994) і інш. Публікуюцца рэцэнзіі на фундаментальныя навук. працы, у т.л. на «Поўны збор рускіх летапісаў. Т.32» (1977), «Нарысы гісторыі Беларусі. Ч.1» (1995), на артыкулы М.Грынблата, А.Грыцкевіча, Я.Звяругі, У.Ісаенкі, Л.Малчанавай, С.Падокшына, У.Панюціча, Л.Побаля, М Улашчыка і інш. Артыкулы забяспечаны рэзюме на англ., ням. і рус. мовах. Крыніцы падаюцца на мове арыгінала. Выйшла 27 тамоў (1998).
А.Ф.Літвіновіч.
т. 9, с. 254
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)